Прэзідэнтам краіны пяць гадоў таму пастаўлена задача перапрацоўваць 50–60 % адходаў і актыўней выкарыстоўваць другасную сыравіну. У Гродзенскай вобласці гэты паказчык можа быць дасягнуты ўжо сёлета. Лідарам у гэтым кірунку з’яўляецца Гродзенскі завод па ўтылізацыі і механічнай сарціроўцы адходаў. Летась тут пачалі выпуск RDF-паліва, а ў найбліжэйшы час будуць здабываць жвір з будаўнічых адходаў.
На карысць эканомікі і экалогіі

Гродна стаў першым горадам Беларусі, дзе былі закрыты ўсе смеццеправоды. Менавіта такая ўмова была пастаўлена перад горадам падчас будаўніцтва смеццесартавальнага завода ў 2016 годзе. Сёння сюды штодзень паступае ад 230 да 260 тон адходаў, якія раней ішлі проста на сметнік.
— Мы імкнуліся з самага пачатку пабудаваць сваю работу такім чынам, каб максімальна накіраваць паток з палігона на завод. Гэтаму паспрыяла рашэнне ўрада, у выніку якога функцыі перавозчыка і перапрацоўшчыка раздзялілі. Нам перадалі палігон, які быў на балансе Спецаўтагаспадаркі, што дало магчымасць больш шчыльна сачыць за сарціроўкай, — паясніў дырэктар завода Вячаслаў
Андрэеўскі.
На прадпрыемстве працуе дзве лініі сарціроўкі. На адну паступаюць адходы, якія сабраны асобна. Пры якасным зборы смецця насельніцтвам тут можна атрымаць і 50 % другаснай сыравіны. А вось на другой лініі, куды паступаюць змешаныя адходы, працэс больш працаёмкі, а выхад прыдатнага для перапрацоўкі матэрыялу значна меншы. Між тым можна ўбачыць, што значную частку складае пластык. Пры правільнай сарціроўцы смецця было б менш, а карысці для экалогіі і эканомікі — больш.
— Перапрацоўшчык зацікаўлены ў тым, каб паступала як мага больш сыравіны. У сваю чаргу мы поўнасцю выконваем дзяржзаказ праз пастаўкі чорнага і каляровага металу. Здаём каля 500 тон у год. Таксама пастаўшчык сыравіны атрымлівае кампенсацыю ад дзяржавы — аператара другаснай сыравіны. Такім чынам, дзяржава спрыяе эканамічнаму і экалагічнаму падыходу ў рабоце з адходамі, — падкрэслівае дырэктар.
Новыя магчымасці
У хуткім часе завод выйдзе на праектную магутнасць, а гэта 105 тысяч тон у год. Цяпер сюды паступае каля 100 тысяч тон адходаў. З іх 42 % ідзе перапрацоўку. Стаіць задача — да 2030 года давесці перапрацоўку да 60–70 %. Менавіта такі ўзровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў прадугледжваецца і Нацыянальнай стратэгіяй. Увогуле праз 10 гадоў на палігон павінна паступаць не больш за 10 % смецця. Увесь астатні аб’ём трэба выкарыстоўваць. У гэтым кірунку паступова рухаецца і Гродзенскі завод утылізацыі і механічнай сарціроўкі адходаў.

Летась на заводзе ўстаноўлена лінія па вытворчасці RDF-паліва. Пакуль гэта пілотны праект, які рэалізуецца толькі ў Гродне. Магчыма, у будучым ён ахопіць іншыя рэгіёны.
RDF-паліва складаюць тыя адходы, якія застаюцца пасля сарціроўкі, — шматкі тэкстылю, паперы, пластыку, якія раней ішлі на сметнік. Аптычны сепаратар аддзяляе рэчывы, якія ўтрымліваюць хлор, бо яны не павінны трапіць у паліва з-за выкідаў.
У канчатковую масу падмешваюцца шчэпкі, якія атрыманы пасля таго, як буйнагабарытныя рэчы драбняцца.
У дробным выглядзе ўся гэта маса адпраўляецца на сушку. Потым загружаецца ў спецыяльны транспарт аб’ёмам 90 кубоў і адпраўляецца на прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы». Тут устаноўлена спецыяльная печ для спальвання такога паліва. Сюды яго ўжо паступіла амаль 400 тон. Па словах дырэктара Вячаслава Андрэеўскага, паступова аб’ёмы будуць нарошчвацца, каб дасягнуць 10-12 тысяч тон у год. Гэта значна павялічыць працэнт атрымання другаснай сыравіны. Менавіта такая задача стаіць перад прадпрыемствам на найбліжэйшы час.
— У наступным годзе кола работ пашырыцца. Будзе ўстаноўлена драбілка для будаўнічых матэрыялаў, у выніку чаго можна будзе атрымаць жвір для дарожных работ. Пакуль адходы будаўніцтва на палігон не паступаюць. Але гэта стане магчымым пасля таго, як пачнецца будаўніцтва новай чаргі палігона бытавых адходаў. А дзейны гарадскі сметнік чакаюць закрыццё і рэкультывацыя, — расказаў суразмоўнік.
Інавацыйным рашэннем можна назваць выпуск тактыльнай пліткі для пешаходаў з парушэннямі зроку, якую можна ўбачыць паўсюдна на пераходах і прыпынках гарадскога транспарту. Яе вытворчасць пастаянна ўдасканальваецца. Напрыклад, замест цэменту альбо бетону тут выкарыстоўваюць пластык.
У звязцы з насельніцтвам
Дырэктар завода не ўтойвае, што пакуль сарціроўка ў жылым сектары ідзе марудна. І хоць кожны год працэнт расце, але не так хутка, як магло бы быць. Напачатку праект прадугледжваў, што 75 % адходаў будуць змешаныя, а 25 % — сабраныя асобна. Але на сённяшні дзень апошняя лічба ледзь дасягае 5 %.
Аператар пульта кіравання завода Алена Бражнік працуе тут пяць гадоў. Кажа, што раней не задумвалася, куды ідуць адходы з кантэйнераў. Ды і сама не вельмі клапацілася аб тым, каб сартаваць смецце. Але аказваецца, што многае можа атрымаць новае жыццё. «На лініі даволі складана працаваць, — заўважае яна. — Лента ідзе хутка, трэба паспець раздзяліць кожны від адходаў па асобных кантэйнерах. Лічу, што нашы гараджане павінны больш задумацца аб сарціроўцы смецця».
На думку дырэктара завода, штосьці залежыць і ад стану кантэйнераў, іх правільнай расстаноўкі, а таксама ад графіка вывазу. Калі, напрыклад, кантэйнеры змешаных адходаў перапоўненыя, агульнае смецце ідзе ва ўсе астатнія. Таксама была згадана і сістэма штрафаў, якая прымусіла многія краіны адказна ставіцца да сарціроўкі, бо гэта — культура адносін да сваёй прыроды, да экалогіі. Відавочна, што яе таксама трэба выхоўваць. Дарэчы, сарціроўка смецця абавязковая для ўсіх. Інакш можна атрымаць штраф у памеры да 30 базавых велічынь. Сёння гэта 1200 рублёў.
Са свайго боку кіраўніцтва завода дбае аб экалагічнай асвеце насельніцтва. Прадпрыемства ўключылі ў рэестр аб’ектаў вытворчага турызму. Такім чынам моладзь далучаецца да экалагічнага аспекту ў абыходжанні з камунальнымі адходамі. Сюды прыязджаюць студэнты і школьнікі, летась на заводзе прынялі каля дзясятка такіх груп. Экалагічнае выхаванне вядзецца і праз шэраг дабрачынных акцый, аб чым сведчаць удзячныя лісты ад школ і ўстаноў аховы здароўя.
Дарэчы, з пачатку гэтага года ў Гродне прадугледжаны збор ад насельніцтва пратэрмінаваных лекаў. Для гэтага спецыяльныя кантэйнеры ўстаноўлены ў паліклініках і аптэках. Што датычыцца збору харчовых адходаў, пакуль такі эксперымент праводзіцца ў Навагрудку. Для збору выкарыстоўваюцца біязнішчальныя пакеты беларускай вытворчасці, затым яны складзіруюцца ў спецыяльныя кантэйнеры і выкарыстоўваюцца як арганічныя ўгнаенні. Калі эксперымент сябе апраўдае, яго пашыраць і на іншыя рэгіёны.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Об авторе